АЛІ́ЎКАВАЯ ПЛЯ́МІСТАСЦЬ,

хвароба раслін, якая выклікаецца грыбам з роду кладаспорый. Узбуджальнік — кладаспорый агурковы (Cladosporium cucumerinum; пашкоджвае ўсю расліну ў цяпліцы і ў адкрытым грунце). На пладах (радзей чаранках і сцёблах) з’яўляюцца масляністыя плямы, якія ператвараюцца ў светла-карычневыя язвачкі са споранашэннем грыба аліўкавага колеру. На лісці ўтвараюцца бурыя плямы. Хварэюць на аліўкавую плямістасць пераважна агуркі, кабачкі, гарбузы, дыні, кавуны, патысоны. Пашкоджаныя плады трацяць таварныя якасці, маладая завязь гіне. Развіццю хваробы спрыяюць рэзкія перапады тэмпературы, высокая вільготнасць. Меры барацьбы: знішчэнне хворых пладоў, падтрыманне т-ры паветра ў цяпліцах не ніжэй за 17 °C, зніжэнне вільготнасці паветра да 70%.

т. 1, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)